Рагнед Малахоўскі

...Вершы, Фота, Музыка...


Папярэдні запіс Дадаць да запамінаў Share Наступны запіс
“Полымя” №10. 2010г. З літаратуры Турцыі. Мухамед Фетхулах Гюлен. Пераклад Рагнеда Малахоўскага.
[info]ragned_m

 
Пачуццё і ўспрыманне

*   *   *
Пачуццём завецца здольнасць чалавека адчуваць тое, 
што знаходзіцца ў межах яго ўнутранага і знешняга ўспрымання. 
Таму чалавек, які валодае такой здольнасцю, завецца «хасас» – адчувальны.

*   *   *
Розум – гэта здольнасць спасцігаць, уласцівая мозгу, а сумленне – гэта тая ж здольнасць, 
але ўласцівая духу. Калі першае назваць вопытам, то другое можна будзе назваць пачуццём. 
Таму не можа быць і гаворкі аб тым, каб чалавек, чый розум бяздзейнічае, а сумленне мёртвае,
быў здольны хоць неяк спасцігнуць навакольны свет і зведаць тое, 
што дзеецца ў яго ўласным свеце.

*   *   *
Калі глядзець у корань, то пачуццё – гэта свайго роду механізм спасціжэння, 
уласцівы духу. Таму аб нячулым чалавеку можна сказаць, што ў яго няма сумлення, 
а аб бессаромным чалавеку, – што ён пазбаўлены ўсялякіх пачуццяў.

*   *   *
Мудрасць выхоўвае і развівае пачуцці. Матэрыялістычная філасофія забівае або прытупляе іх.
Таму тыя, хто заўсёды і ва ўсім імкнецца прытрымлівацца толькі шляху розуму, 
пазбаўляюць сябе магчымасці калі-небудзь спасцігнуць светлую атмасферу пачуцця. 
Сапраўднае пачуццё з’яўляецца толькі там, дзе ёсць нічым не азмрочанае і не апаганенае ўспрыманне. 
Праўдзівае і паўнавартаснае ўспрыманне і адчувальнасць могуць быць народжаныя толькі сапраўдным і паўнавартасным пачуццём.

*   *   *
Усе перамогі і трыумфы бессаромных і нячулых людзей – гэта звярыныя перамогі, 
і складаюцца яны толькі з шэрага подласцей і нізасцей. 
І завяршаюцца такія перамогі тым, што жывёльная сутнасць чалавека перастае прызнаваць якія-небудзь рамкі. 
Залежнасць ад інстынкту так паглыбляецца, што можа быць параўнаная хіба што толькі з прорвамі пекла, 
крылы духу раз і назаўжды ламаюцца, а сумленне цалкам паралізуецца.
 

*   *   *
Людзі, унутрана не безуважныя да ўсяго таго, што адбываецца з Радзімай і народам – гэта ўзнёслыя душы, 
чыё сумленне не ведае супакою і якія не баяцца прынесці ў ахвяру сваё жыццё ў імя тых высокіх ідэалаў, 
якімі заваяваліся іх сэрцы. Што датычыць нячулых людзей, то, колькі б яны ні разважалі аб самаахвяраванні, 
ім не знайсці ў сабе сілы зрабіць нават самае меншае з таго, аб чым яны гавораць.

*   *   *
Калі нават чалавеку пагражаюць страты і няўдачы, а ён усё-ткі аддае перавагу думкам аб іншых,
жыццю дзеля іншых, жаданню падзяляць з імі іх радасць і смутак, то ўсе гэтыя якасці, 
кожная з якіх уяўляе сабою вялікую каштоўнасць, сведчаць аб сіле яго духоўнага пачуцця. 
У тых, хто цалкам пазбаўлены гэтага пачуцця, нельга знайсці не толькі ўсе яго вартасці, 
але нават хоць бы нейкую іх крупінку. І калі ў іх выяўляецца штосьці, што сведчыць аб высакароднасці і годнасці, 
то гэтыя прыкметы падобныя да мармытання, якім выпадковы чалавек спрабуе “акампанаваць” гранню музыкі.

*   *   *
Прагрэс і ўзвышэнне нацыі залежаць ад адзінства пачуццяў і глыбіні ўспрымальнасці яе індывідаў. 
Толькі тыя, хто дасягнуў глыбіні ў сваім свеце высокіх пачуццяў, здольныя, не міргнуўшы вокам, аддаць усё дзеля сваёй ідэі. 
А, сутыкнуўшыся з уласным бяссіллем, – звар’яцець або памерці ад душэўных хвароб.

*   *   *
Найвышэйшая ступень адчувальнасці выяўляецца, калі чалавека літаральна ліхаманіць ад гневу, 
бо абражаныя яго рэлігійныя або нацыянальныя пачуцці. Яна ахоплівае ўсю істоту ўспрымальнасці чалавека і нават здольная забіць яго. 
Мы можам назваць гэта высакароднай рэўнасцю.

*   *   *
Гэты высакародны парыў, гэтыя пакуты і пакуты духу, што выяўляюцца, калі разбураюцца каштоўнасці і пачынаецца маральная анархія, 
з’яўляюцца самым відавочным адрозненнем сучаснага чалавека ад той істоты, якая нагадвае яго толькі знешне.

*   *   *
Ад Найвышэйшага Духа, які заваяваў усе вышыні, і аж да пакутнікаў нашага часу ўсе змучаныя і палаючыя, як агмені, розумы перажывалі гэты стан. 
Яны забываліся аб свецкім жыцці, і іх прыстанкамі станавіліся горы, пячоры і могілкі. 
Уся іх істота была занята адзінай думкай, а сэрца пакутавала толькі адным пачуццём. 
Думаецца, што за ўсю гісторыю чалавецтва стваральнікамі самых вялікіх і адметных перыядаў
былі менавіта гэтыя звышадчувальныя і адданыя сваёй справе людзі.


Свабода

*   *   *
Свабода азначае непрыняцце духам якіх-небудзь абмежаванняў, акрамя вышэйшых каштоўнасцей, 
і яго непадпарадкаванне якімсьці прынцыпам, акрамя дабра і праведнасці.

*   *   *
Колькі ёсць на свеце людзей, якія, нават закаваныя ў ланцугі і кайданы, 
працягваюць вольна лунаць у бязмежных прасторах сваёй душы і ніколі не адчуваюць ніякіх абмежаванняў і пазбаўленняў. 
І колькі ёсць людзей, якім, насуперак усёй царскай пышнасці і багаццю навокал, што здольнае закружыць галаву любому чалавеку, 
так і не атрымоўваецца нават на імгненне адчуць унутры сябе хоць нікчэмную частку той сапраўднай свабоды.

*   *   *
Тыя, хто бачыць у свабодзе абсалютную адсутнасць якіх-небудзь межаў, свядома ці не, 
але прыраўноўваюць чалавечую свабоду да свабоды звярынай. 
Але ж у рэчаіснасці свабода, да якой так імкнуцца “свабодалюбівыя” душы дзеля задавальнення сваіх цёмных жарсцяў, – 
гэта не што іншае, як жывёльны лад жыцця. 
І ў той жа час чалавек варты такой свабоды, якая знішчае ўсе перашкоды, што не дазваляюць яму ўзняцца ў нябёсы чалавечнасці.

*   *   *
Пад свабодай мы можам разумець вызваленне розуму ад усіх перашкод, што замінаюць яго духоўнаму і матэрыяльнаму развіццю, 
але з умовай прытрымлівання ўсіх маральных норм.

*   *   *
Прымальная толькі тая свабода, якая цывілізаваная. 
А цывілізаванай з’яўляецца тая свабода,
якая звязаная алмазнымі ланцугамі веры і маральнасці і падпяразаная залатымі рамянямі праведнай думкі.

*   *   *
Свабода, якая не лічыцца з духоўнай думкай і рэлігійным пачуццём, не паважае маральнасць і сама не здольная выгадаваць у чалавеку высакародныя якасці, 
падобная да эпідэміі, якой пазбягае любы народ. 
Грамадства, што змірылася з гэтай хваробай, не толькі рана ці позна пазбавіцца спакою, 
але і непазбежна застанецца ў поўнай адзіноце.


Жанчына

*   *   *
Калі размова заходзіць аб выхаванні і навучанні дзяцей, падтрыманні парадку, гармоніі і супакою ў сям’і, 
то першы настаўнік і выхавацель чалавека – гэта жанчына. 
У наш час, калі многія спрабуюць знайсці для жанчыны новае месца ў грамадстве, напамін аб яе праўдзівай і выключнай місіі, 
падараванай ёй звыш, дапамог бы спыніць гэтыя бессэнсоўныя пошукі.

*   *   *
Дом, які насяляе цнатлівая, выхаваная і адданая сваёй сям'і жанчына – гэта адзін з райскіх куткоў горняга свету. 
І атмасфера, якая напаўняе гэты дом, нічым не адрозніваецца ад той, у якой жывуць казачна цудоўныя і чыстыя насельнікі раю, 
а гукі – такія ж улагоджана чыстыя і цудоўныя, як цурчанне райскіх крыніц.

*   *   *
Калі бачыш жанчыну, раздушаную сваёй знешняй прыгажосцю, то міжволі думаеш аб тым, ці шануе яна ў такой жа ступені сваю ўнутраную прыгажосць, 
ці ставіцца з такім жа трапятаннем да сваёй унутранай чысціні, сваёй годнасці і высакароднасці.

*   *   *
Тое, што ўзвышае жанчыну, узнімаючы яе над анёламі і ператварае ў дыямент, які не мае сабе роўных ні па чысціні, 
ні па агранцы, – гэта яе ўнутраная глыбіня, цнота і годнасць. 
Жанчына, цнатлівасць якой стала прадметам плётак, падобная да фальшывай манеты, а тая, што страціла годнасць – усяго толькі лялька. 
І ў смертаносным асяроддзі такіх жанчын не можа быць і гаворкі аб здаровай сям’і ці аб высакародных і здаровых нашчадках.

*   *   *
Жанчына, душа якой стала відушчай і набыла ўнутраную высакароднасць, у сваім доме падобная да раскошнай крыштальнай люстры. 
Варта жанчыне з’явіцца ў доме – і ён напоўніцца чароўнай гульнёй святла. Што ж датычыцца няшчаснай істоты, 
якая аддалася бязлітасным кіпцюрам сваёй унутранай цемры, то яна толькі знешне нагадвае жанчыну, 
і дзе б яна ні з’явілася, там будуць распаўсюджвацца цемра і смуга, здольныя запаланіць любую душу.

*   *   *
Грамадскае выхаванне – вось тая “кніга”, якую жанчына ніколі не павінна выпускаць з рук. 
І наўрад ці можна сцвярджаць, што гэтая кніга ўжо напісаная.

*   *   *
Выказванні, што “ў жанчыны розум кароткі”, адрасаваныя тым, якія паддаліся свайму цялеснаму запалу, здаюцца нават занадта добрацярпімымі. 
Думаецца, што калі б прамоўцы падобных слоў убачылі, як у сучасным свеце жанчына ператвораная ў сродак рэкламы, яны б, напэўна, не знайшлі што сказаць.

*   *   *
Нямала ў гісторыі чалавецтва было перыядаў, калі жанчына ператваралася ў тавар, цацку або сродак рэкламы. 
Але, на шчасце, за кожным з гэтых цёмных перыядаў надыходзіў новы, калі жанчына ізноў адраджалася з попелу і знаходзіла сябе.

*   *   *
Нашы продкі замест слова “сын” ужывалі слова “махмуд”, а замест слова “дачка” – слова “карыма”. 
І ўжо адно гэта гаворыць аб тым, як яны шанавалі сваіх дзяцей, называючы іх “зрэнкай вока”,
такой жа важнай, наколькі  каштоўнай, і такой жа каштоўнай, наколькі далікатнай і тонкай.

*   *   *
“Глядзі, не запэцкайся” – раім мы часам адзін аднаму. 
Але ці разумеем мы, колькі ктопату і аховы патрабуе далікатная і ранімая істота – жанчына?

*   *   *
Самым выдатным упрыгожваннем жанчыны з’яўляецца яе чысціня і цнота, а якасцю, 
больш за ўсё вартай захаплення – яе маральная сталасць і вернасць свайму мужу.

*   *   *
Добрая тая жанчына, з вуснаў якой струменіць мудрасць, дух перапоўнены вытанчанасцю, а паводзіны выклікаюць ва ўсіх пашану і павагу. 
Спрактыкаванае вока не можа не заўважыць гэтыя яе адметнасці, а ледзь зазначыўшы іх, 
яно адразу паверне былыя заганныя пачуцці ў дабрадатныя і праведныя разважанні.

*   *   *
Жанчына, якая не здолела ўсталяваць гармонію паміж сваім фізічным і духоўным развіццём і не дала заквітнець праведнай завязі свайго духу, 
хоць і будзе некаторы час падобная да свежай і духмянай ружы, аднак пялёсткі яе непазбежна пажоўкнуць і ападуць, 
апынуўшыся пад нагамі тых самых людзей, якія яшчэ зусім нядаўна захапляліся ёю.

*   *   *
Жанчына – гэта сапраўдная і вельмі высокая каштоўнасць, каб дазволіць сабе падмануць яе і змяшаць з брудам. 
І мы яшчэ не страцілі надзею на тое, што шчаслівыя пакаленні будучыні, якія ўгледзелі ісціну і здабылі веды і мудрасць, 
будуць берагчы яе як зрэнку вока.

*   *   *
Наша жанчына – гэта самы трывалы і краевугольны камень нацыянальнай годнасці і высакароднасці. 
Яе роля ва ўзвядзенні цудоўнага будынка нашай шматвекавой і слаўнай мінуўшчыны такая ж вялікая, як роля нашых легендарных герояў.

*   *   *
Большасць тых, хто ўзяў на сябе місію “апосталаў” – абаронцаў правоў і свабод жанчын, толькі тым і займаюцца, 
што распальваюць іх целы і ўтыкаюць нажы ў іх душы.

*   *   *
Дзякуючы сваім годным спадчыннікам, дом жанчыны, якая набыла духоўную сталасць, прыпадобніцца да нязгаслага кадзіла, 
якое нястомна будзе распаўсюджваць вакол сябе лепшыя і найчысцейшыя водары, здольныя вылечыць нават безнадзейна хворыя душы. 
І менавіта такое незямное чароўнае месца, у якім пануе падобная атмасфера, з’яўляецца часцінкай таго самага раю, 
дасканаласць і ўзнёсласць якога не паддаюцца ніякаму апісанню.

*   *   *
Жанчына, якая нарадзіла ў сэрцы сваім святло веры, а ў розуме – святло ведаў і грамадскага выхавання, кожны дзень, 
нібы зноўку ўзводзячы сцены свайго дома, будзе адкрываць у ім усё новыя і новыя вымярэнні прыгажосці і дасканаласці. 
А што датычыцца тых, хто пусціўся ў страшныя скокі распушчанасці і не ведае аб сабе, то яны не толькі не здольныя ўзвесці дом, 
у якім пануе чысціня і праведнасць, але любы такі дом могуць разбурыць і напоўніць магільнай цемрай і безнадзейнасцю.

*   *   *
Практычна кожная прапанова, з якой аж да нашых дзён выступалі феміністы, толькі яшчэ больш зневажала жанчыну і яшчэ больш дэфармавала яе прыроду. 
Але ж жанчына з’яўляецца адным з найважнейшых звёнаў у ланцугу быцця, і яе галоўная якасць у тым і заключаецца, 
каб умець захаваць сваю прыроду і паважаць яе рамкі.

*   *   *
Жанчына – істота выключна тонкая і далікатная. Таму яна можа захаваць гэтыя свае якасці толькі ў такіх умовах, 
якія ўлічваюць яе вытанчаную прыроду. І толькі ў гэтым выпадку яна можа прынесці карысць свайму дому, а значыць, і грамадству.

Вы ведаеце турэцкую? Чаму Памука дагэтуль не пераклалі?

...пераклад з падрадкоўніка па дамоўленасці з турэцкім бокам...

Вось і я адразу хацела спытаць пра шлях перакладу. :)

Пераклад прапанавалі надрукаваць "Дыялог-Евразія" ці "Достлук", відаць? Калі яны, дык цікава, хто ім рабіў расейскі падрадкоўнік, ня ведаеце? Бо раней з гэтым у іх былі праблемы. Яны нядаўна цэлую кніжку Гюлена пераклалі з ангельскага перакладу, а пасьля напісалі, маўляў, з турэцкай...

Дарэчы, яны за такое маглі б добра заплаціць, спадзяюся ў Вашым часапісе пра тое здагадаліся. За пашырэньне твораў іх гуру.

Вы канечне ведаеце, што Гюлен надзвычай спрэчны ў сябе на радзіме і ў ісламскім сьвеце ідэоляг пэўнага рэлігійнага руху (а некаторыя кажуць - сэкты), а таму Вы б лепш не выдавалі яго пад такой назвай "З літаратуры Турцыі". У сэнсе гэта неадэкватна, мякка кажучы.

...так. "Дыялог-Еўразія". падрадкоўнік хтосьці ў Расіі рабіў. пераклад бясплатны... толькі часопісны ганарар. Турэцкі бок у сваю чаргу перакладае творы некалькіх беларускіх пісьменнікаў... думаю, тое, што я пераклаў адносіцца менавіта да літаратуры Турцыі... а спрэчнасць асобы Гюлена мяне мала цікавіць... галоўнае творы, а яны,на маю думку, нядрэнныя...

Вы праглядаеце журнал [info]ragned_m